Лаўрэатам прэміі імя Аляксандра Дубко стаў ветэран працы ААТ "Гродна Азот" Мікалай Іваноўскі


Мікалай Пятровіч Іваноўскі - паэт, член Саюза пісьменнікаў Беларусі - атрымаў ганаровую высокую ўзнагароду "За творчыя дасягненні ў сферы культуры і мастацтва" з рук старшыні Гродзенскага абласнога выканаўчага камітэта Уладзіміра Караніка.

Апаратчык цэха капралактам-1, потым слесар-інструментальшчык МРТА - у агульнай складанасці 35 гадоў Мікалай Пятровіч аддаў нашаму прадпрыемству. Яго першая кніга “Нашчадкі роду Іваноўскіх” выйшла ў 2015 годзе, пасля нарадзіліся яшчэ некалькі паэтычных зборнікаў, у тым ліку для дзяцей. А з 2019 года Мікалай Пятровіч з'яўляецца сябрам Саюза пісьменнікаў Беларусі!

– Цяжка мне не было ніколі, справу сваю ведаў і заўсёды ладзіў з людзьмі, – прызнаецца Мікалай Пятровіч. – Добрыя былі кіраўнікі. Дапамагалі ва ўсім сапраўдныя настаўнікі Пётр Андрээвіч Горн, Валянцін Аўтаномавіч Андрэеў, Аляксей Кізер і іншыя. Толькі добрымі словамі ўспамінаю кіраўніка Мікалая Мікалаевіча Мартынчыка, а таксама Віктара Станіслававіча Казакевіча, Аляксея Уладзіслававіча Плякіна, Сяргея Мікалаевіча Мінько, Уладзіміра Лагуціка. Давялося і мне вучыць моладзь. Цікавае было грамадскае жыццё. У адным з цахоў я ўзначальваў прафсаюзную арганізацыю. Мы тады жылі адной сям'ёй. З экскурсіямі аб'ездзілі гарады Беларусі, пабывалі ў Літве, Латвіі, Расіі. Ад прадпрыемства атрымаў чатырохпакаёвую кватэру.

Не аднойчы мы расказвалі вам пра творчасць Мiкалая Пятровiча на старонках нашай газеты, не адзін раз і ён выступаў у ролі няштатнага аўтара. Ён спагадліва адлюстроўвае вобраз роднай Беларусі ў сваiх вершаваных радках.

Мікалай Пятровіч мае багатую літаратурную скарбонку: пад яго аўтарствам выйшла ўжо нямала кніг і ён працягвае пісаць. Першую кнігу – «Нашчадкі рода Іваноўскіх», якая выйшла ў свет у 2015 годзе, багата ілюстраваў яго брат Дзмітрый. Ён таксама на працягу дзесяці гадоў працаваў на прадпрыемстве «Гродна Азот». Другая кніга Мікалая Пятровіча – «Пяром і сэрцам» – была надрукавана ў 2017 годзе. Дзве апошнія кнігі выдадзены зусім нядаўна. У іх не толькі вершы, але і вершаваная азбука, загадкі: «Сцяжынка дзяцінства» і «Загадкі на ўсе выпадкі». Абедзве – для маленькіх беларусаў.

Творы гродзенскага аўтара друкаваліся ў рэспубліканскіх альманахах, у рэгіянальных газетах. Часты госць Мікалай Пятровіч у мясцовых школах, дзеці з задавальненнем слухаюць яго вершы.

Гродзенскi хiмiк